ПЭН ДЭХУА́Й (24.10.1898, в. Шысян, прав. Хунань, Кітай — 29.11.1974),

кітайскі ваенны і дзярж. дзеяч. Маршал КНР (1955). Герой КНДР. Скончыў афіцэрскія курсы (1923). З 1916 на ваен. службе. Удзельнік рэвалюцыі 1925—28 у Кітаі. Летам 1928 узначаліў паўстанне гаміньданаўскіх войск у прав. Хунань, стварыў 5-ы корпус Чырв. Арміі Кітая. Удзельнік Паўн.-Зах. паходу 1934—36. У час нацыянальна-вызваленчай вайны кітайскага народа супраць японскіх захопнікаў 1937—45 нам. каманд. 8-й арміяй, адзін з ініцыятараў «бітвы ста палкоў». У час трэцяй грамадзянскай вайны 1946—49 камандаваў арміямі. Каманд. кіт. войскамі ў Карэйскай вайне 1950—53. З 1954 міністр абароны, нам. старшыні Дзяржсавета КНР, чл. Палітбюро ЦК Кампартыі Кітая. Быў прыхільнікам умацавання дружбы з СССР. У 1959 на 8-м (Лушаньскім) пленуме ЦК Кампартыі выступіў супраць авантурыстычнага курсу Мао Цзэдуна на «вялікі скачок», за што адхілены ад усіх пасад. У 2-й пал. 1960-х г. рэпрэсіраваны ў ходзе «культурнай рэвалюцыі» і быў пакалечаны хунвэйбінамі. Памёр у зняволенні. У 1978 рэабілітаваны.

Тв.:

Рус.пер. — Мемуары маршала. М., 1988.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)